ўзняўся па той бок мяжы.
У апошнюю нядзелю чэрвеня ля паўднёвага ўезда ў польскі горад Бельск-Падляскі пры старажытным Мельніцкім гасцінцы быў асвечаны новы паклонны крыж. Ён узвышаецца на скрыжаванні дарог побач з лесам, які мясцовыя жыхары называюць “Осушок”. Нам прыемна паведаміць, што да гэтай падзеі мае прамое дачыненне наш зямляк - камянецкі разьбяр па дрэве Анатоль Туркоў.
Трэба сказаць, што святыня паўстала на месцы намоленым. Калісьці праваслаўныя жыхары вёскі Студзіводы (сёння прадмесце Бельска-Падляскага), каб абараніцца ад страшэннай эпідэміі нейкай хваробы, паставілі тут крыж. Мужчыны зрабілі яго за адзін дзень, а жанчыны за гэты час выткалі палатно, якім абвязалі перакладзіны свайго ахавальніка. Надзеі людзей спраўдзіліся - зараза адступіла. Расказ пра цудоўнае выратаванне перадаваўся з пакалення ў пакаленне.
Першы крыж у памяць аб падзеі быў драўляны, а ў міжваенны час (з 1920 па 1939 год) на гэтым жа месцы паставілі мураваны, які ў 1989 годзе быў адноўлены. А годам раней, дзякуючы намаганням сям’і Фіонікаў, тут з’явіўся невялікі дубовы крыж.
Ідэя ўстанаўлення новага крыжа ўзнікла два гады таму. Яго фундатарамі сталі сем’і бельскіх беларусаў Фіонікаў і Шымковічаў. З магутнага дуба быў выраблены васьміканцовы крыж пяцімятровай вышыні.
- Мы планавалі паставіць яго мінулым летам, але справа зацягнулася, - расказвае аўтар ідэі Дарафей Фіонік. – Сёння мы разумеем, што так і павінна было здарыцца – у Бога няма нічога выпадковага. Гэтай зімой, дзякуючы прыезду ў Гайнаўку выставы берасцейскіх майстроў «Вандроўкі па Палессі», я пазнаёміўся з разьбяром па дрэве Анатолем Турковым з Камянца. Аказалася, ён мае вопыт афармлення паклонных крыжоў у сябе на радзіме. Падчас нашай размовы і ўзнікла задумка даручыць яму выкананне дэкору. На пачатку мая Анатоль прыехаў у Студзіводы, дзе за некалькі дзён выразаў распяцце Іісуса Хрыста, выяву прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, надпісы і арнаменты. Анатоль Туркоў не ставіў мэту дакладна капіраваць папярэднія ўзоры. Ён пераўтварыў стандартную канструкцыю ў сапраўдны арыгінальны твор, дзе аб’ёмныя элементы выходзяць прама з цела дрэва. А сувязным звяном з даўніной служыць надпіс: «Во время оно поставили люди студзиводскіи крест во избавленіе от заразы».
Асвячэнне крыжа вылілася ў вялікае свята. Як расказаў Дарафей Фіонік, пасля нядзельнай літургіі з праваслаўнай Пакроўскай царквы да крыжа выйшаў хрэсны ход. Яго ўзначальвалі настаяцель храма а. Іаан Шмыдкі і бельскі благачынны а. Лявонцій Тафілюк. Урачыстая працэсія прайшла больш за два кіламетры па старажытнаму Мельніцкаму гасцінцу, якім некалі князі і каралі ездзілі з Бельска ў Берасце. На жаль, сам Анатоль Туркоў не змог пабываць на гэтай урачыстаці, бо быў вельмі заняты на беларускім фестывалі сярэдневяковай культуры «Камянецкая вежа».
Сумесная работа над стварэннем крыжа стала працягам падляшска-палесскіх культурных кантактаў, якія дынамічна развіваюцца і выліваюцца ў самыя розныя формы супрацоўніцтва. Застаецца дадаць, што перад крыжам цяпер будуць маліцца ўсе, чый шлях бу-дзе пралягаць каля яго, а таксама паломнікі, якія Мельніцкім гасцінцам накіроўваюцца на Святую гару Грабарку і манастыр у Яблачыне. vb.by |